Дзяржаўная ўстанова «Любанскі музей народнай славы»

Любанскі музей народнай славы створаны ў 1968 г. Першая экспазіцыя адкрыта 3 ліпеня 1971 г. У 2003 г. створаны філіял — Музей традыцыйных рамёстваў і промыслаў Любаншчыны. Фонд музея налічвае 31242 адзінкі захавання (на 01.01.2021 г.). Сярод іх касцяныя прылады працы эпохі позняга неаліту, скарб манет Рэчы Паспалітай XVI — пач. XVII стст., творы графікі і скульптуры, выяўленчага, інсітнага і дэкаратыўнага мастацтва, этнаграфічны матэрыял і інш. Музей мае поўны збор паштовых марак Рэспублікі Беларусь выпуску 1992 — 2021 гг.; калекцыі «Фалерыстыка» і «Узнагароды» прадстаўляюць наградную сістэму СССР. Прыярытэтным кірункам дзейнасці музея з'яўляецца работа з дзецьмі. Для рознаўзроставых дзіцячых груп распрацаваны комплекс музейна-адукацыйных праграм і праектаў «Музей+»: праграма музейных урокаў «Край над Арэсай»; адукацыйны праект «Як жылі нашы далёкія продкі». Для старэйшых школьнікаў падрыхтаваны адукацыйны праект «Пазыўны „Зыслаў“».