«ЯЙКА ВЕЛІКОДНАЕ — ТРАДЫЦЫЯ НАРОДНАЯ»

«ЯЙКА ВЕЛІКОДНАЕ – ТРАДЫЦЫЯ НАРОДНАЯ” – так называліся  музейныя інтэрактыўныя заняткі, якія  праходзілі ў Любанскім музеі народнай славы 20 красавік у рамках рэалізацыі сумеснага з гімназіяй № 1 г. Любані праекта  “Скарбы старога куфра”.

Напярэдадні Вялікадня другакласнікі гімназіі пазнаёміліся з гісторыяй гэтага веснавога свята, яго сімваламі, а таксама са старадаўняй традыцыяй фарбаваць да яго яйкі.

Сапраўдным адкрыццём для школьнікаў стала багацце спосабаў упрыгожвання велікодных яек: крашанка, пісанка простая і шматкаляровая, крапанка, драпанка і інш.  Адну з гэтых тэхнік дзеці паспрабавалі асвоіць у час майстар-класа. Зрабіць так званую драпанку аказалася не такой простай справай. Як адзначалі самі другакласнікі ў працэсе працы: “Тут трэба і цярпенне, і карпатлівасць”. Аднак справіліся дзеці выдатна. Якіх толькі ўзораў не прадрапалі тонкімі іголачкамі і рэзачкамі на фарбаванай паверхні яйка. Тут і сонейка, і кветкі, і галінкі вербы, і нават анёлы і надпісы “ХВ”.

Трэба было бачыць, з якой асцярожнасцю рабяты заварочвалі свае вырабы ў папяровыя сурвэткі, каб данесці іх дадому ў цэласці, паказаць сваю работу бацькам, бабулям і дзядулям. А самае галоўнае – захаваць самастойна ўпрыгожанае яйка да Вялікоднай нядзелі!

602